З 19 лістапада па 12 снежня ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" будзе праходзіць выстава работ студэнтаў і выкладчыкаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў "Код Радзімы".

— "Код Радзімы" — праект, дзе жаночы пачатак пераасэнсоўваецца праз мастацкія вобразы і становіцца своеасаблівым кодам, напоўненым глыбокім сэнсам.
У экспазіцыю ўвойдуць аб’ёмна-прасторавыя, графічныя і жывапісныя мастацкія творы, якія прысвечаны Году беларускай жанчыны. Гэта эксперыментальна-творчыя і вучэбныя працы студэнтаў кафедры ДПМ БДУКМ і іх настаўнікаў, — расказалі ва ўстанове.
Прастору выставы напоўняць пластычныя эцюды міфалагічных істот, постаці гістарычных асоб, кветкі і інш. Значная частка твораў прысвечана вобразу сялянкі.
Дадзеная выстава па творчай задуме куратараў — членаў Беларускага саюза мастакоў, педагогаў кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Тамары Васюк і Наталлі Ліньковай — дапамагае асэнсаваць глыбокую сувязь паміж вобразам жанчыны ў беларускай міфалогіі і гісторыі з сакральнымі сэнсамі, якія закладзены ў назве выставы.
Выстава працягнецца па 12 снежня.
Адрас галерэі: Мінск, Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі).
Час працы: 11:00-19:00, аўторак-субота.
Тэлефон для даведак: 8 (017) 259-46-12.
Уваход вольны.
Служба інфармацыі “КіМ”